karatkevich.ru/ - сайт, присвячений Володимиру Короткевичу.
karatkevich.ru/storie/89-laddzya-rospachi.html - Ладдзя роспачы
karatkevich.ru/storie/74-dzikae-palyavanne-kara...karatkevich.ru/storie/75-dzikae-palyavanne-kara... - Король Стах білоруською, облизуюсь від задоволення
І там ще багато-багато...
Про Дон Жуанів з Беларусі
Жыў сабе год чатырыста назад у беларускім горадзе Рагачове небагаты, але добрага роду дваранін па прозвішчы Гервасій Выліваха .Быў ён з калена Давойнаў, з клана – Мячоў, а якога герба – за даўнасцю год забылася. Усёй маёмасці яго было – замак-развалюха, некалькі коней веку мафусаілава, латы, ды меч, ды яшчэ шахматная дошка, але затое быў ён багаты сябрамі і неабдзелены жаночай увагай.Сабою быў дзівосна гожы і пяшчотны, а паводзін – самых заганных. Хобаль, залётнік, піяка, задзіра, біток, бабздыр несамавіты. Не было на ўсёй зямлі беларускай падобнага яму. Ляхі такіх завуць – “завалідрога”, а мы, людзі роду крывіцкага, “адарвірог”, бо некалі, кажуць, такі ў самога Люцыпара рог сілком аддзерлі і зрабілі з яго келіх для пітва. Вады нальеш, і, сілаю самога рога, робіцца гарэлка. Я думаю – байкі гэта.І сябры ў яго былі адпаведныя. Андрэй Гарбаты з Брачыславічаў, Кірык Балабан з Гультаёў, Галляш Вясна са Свінчуковічаў ды яшчэ Іра Францічак, за пераплёт на служэнне надзелены вёскай Мазурыкі, родам багемец, але п’янюга і бабскі ліслівец – на трох беларусаў.Толькі ўсёй і працы ў іх было, што цягацца па корчмах і шынкарках ды па навакольных замках, калі гаспадара няма дома, піць віно, як Дняпро п’е Друць, ды дзярбаніць на лютнях і кімвалах багамерзкія песні.Неяк жылі
У багатых, але пацёртых уборах, светлавокія, заўсёды на падпітку. Вакол лірны гуд і дудны роў. На сёдлах – жанчыны. На плячах – сокалы. У сэрцах – няма Божага страху.Рагачоўская грамада, усе мужы статэчныя і радцы, дзякуючы ім страцілі чалавечае падабенства. Ужо нібы не чалавечая зборня сядзела ў радзе і на капе, а статак галінастых аленяў. І не глядзелі алені адзін аднаму ў вочы ад вялікага сораму.Адабралі яны жонак у пана земскага пісара, і ў пана лоўчага, і ў пана старасты, і ў пана кашталяна, і ў пана наглядчыка за бабровымі гонамі. А сам Гервасій Выліваха звёў і паіў вельмі многіх, і нават каханку палкоўніка Чыжа. Палкоўнік спаймаў іх з ліцом і кінуўся быў біць, то яны палкоўніка напаілі пад прымусам і, п’янага, павезлі ў госці да рагачоўскага пробашча, дзе палкоўнік з пробашчавай аканомкай аскароміўся, учыніўшы свальны блуд. Пробашч раніцою, з гарачкі ды болем у галаве пакутуючы, закаціў імшу і на той імшы пана Чыжа пракляў у імя рымскай царквы да дзевятага калена.А потым здарылася дзіва. Знайшлі на замкавым падвор’і срэбную скрынку, якая ўпала з неба. Так нядаўна ўпала, што яшчэ цёплая была. А ў скрынцы – каштоўнасці. А на скрынцы – надпіс, што ўсё гэта дасылае святы Юры таму з горада, хто не парушыў ніводнага з Божых запаветаў.Над гэтай скрынкай счапіліся ўсе. І замкавыя вялікія людзі, і касцельныя, і людзі царквы. Кожны хацеў давесці, што гэта яму, а таму іншых усіх паплюжыў і выкрываў. І выявілася, што толькі садомскага граху ў горадзе і не было. І так гэта было брыдка, што сяляне пасля таго цэлы год баяліся ездзіць на торг – калі ўжо там такія начальныя людзі. Ледзь на захірэў горад.А скрынку тую, як выявілася потым, аб чым і дакумент быў завераны і схаваны ў ларніка1, зрабіў магілеўскі залатар Мацюшка.А каштоўнасці ўсе чыста былі непраўдзівыя, фальшывыя. Вось табе і Юр’еў тэстамент!Каменні тыя замовіў Андрэй Гарбаты, а скрынку – сам Выліваха. Дзіўны быў іхні хаўрус. Коней любілі – як татары ці вугры, сабакары былі – горш за ангельцаў, а ўжо што да жаночага полу – ратуй нас, Пане Божа, і злітуйся, гэткія антыхрысты.Вербенай валасы намосцяць ды пад камяніцы, да паняў. У вочы глядзяць, як анёлы, а ў саміх ніжэй спіны хвост д’яблаў. І словы ж аднекуль бралі – “сонца ты маё астатняе, лада мая, ветразь мой на шляху да вечнага спасення“. А ноздры ў саміх – як у коней трапечуць.Калі б перад каралём Цыкмунам пала столькі замкаў, колькі перад імі жонак – кароль бы ўладарыў паловаю свету.Але каралю шанцавала не так.Нічога ім не маглі ўчыніць, нават калі Гервасій Выліваха зрабіў замах на жонку магілеўскага войта. Войт быў па ўзросту скупаваты.А жонка ў яго была баба добрая: чаго ні папрасі – не адмовіць....Няшчасны быў горад. Зусім нядаўна яго крымчакі абрабавалі і спалілі, за дваццаць сем год перад гэтым тое самае зрабіла маскоўская раць. Досыць, здавалася б, дык не: свой, нутраны, знайшоўся татарын, брыдкі Богу Гервасій.На духоўным судзе ўсю кампанію сарамаціў біскуп. Казаў, што самушчаюць яны народ самым сваім існаваннем, бо прымушаюць сумнявацца ў бясхібнасці Бога. Усё ж, маўляў, і яны Божыя стварэнні, дык палучаецца, што Ўсяведны накшталт дрэннага ганчара.Яны, аднак, не спалохаліся і дагмат бясхібнасці Бога падсеклі пад корань, кажучы, што нават ён робіць шмат непатрэбнага на гэтай зямлі. Напрыклад, цыцкі ў мужчын. Не было яшчэ на свеце мужчыны, якому б яны хоць раз спатрэбіліся. А калі Творца задумаў упрыгожыць імі мужчыну – то чаму прыляпіў іх на месцы, што заўсёды прыкрытае вопраткай?Біскуп толькі ротам зяваў, а потым, пасаромлены, напіўся і стаў думаць над гэтай прычынай. І чым больш думаў, тым больш піў, аж пакуль не папсаваўся ў розуме.
"Ладдзя роспачы"